ВЕЛЯМІ́ЦКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1881 у в. Велямічы (Столінскі р-н Брэсцкай вобл.) на месцы царквы 1724. У яе архітэктуры адлюстраваны традыцыі мясцовай школы дойлідства. Квадратны ў плане асн. аб’ём, бабінец і 5-гранная апсіда з 2 невял. рызніцамі абапал алтара ўтвараюць 3-зрубную глыбінна-прасторавую кампазіцыю. Асн. аб’ём пры дапамозе ветразяў пераходзіць у 2-ярусны верх (васьмярык на чацверыку), апсіда і бабінец увянчаны 8-граннымі вярхамі з гранёнымі барочнымі купалкамі складанай формы. У 1888 да асн. аб’ёму далучаны бакавыя прыбудовы з васьмерыковымі вярхамі, царква набыла 5-купальную крыжова-цэнтрычную кампазіцыю. Сцены вертыкальна ашаляваны, умацаваны лапаткамі, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі (у апсідзе — у форме крыжа).

т. 4, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)